Ашмяншчына, у тым лiку i навучэнцы нашага каледжа, далучылася да агульнарэспубліканскай акцыі “Разам з мастацтвам”

    У Ашмянскім раённым цэнтры культуры адбылася сустрэча з артыстамі Маладзёжнага тэатра эстрады ў рамках агульнарэспубліканскай акцыі “Разам з мастацтвам”, якая стартавала ў канцы сакавіка і прымеркавана да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і перамозе савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. 

    Памяць пра трагічныя падзеі вайны, гераічныя подзвігі беларусаў на франтах і самаадданую працу ў тыле, пра мільёны загінулых духоўна аб’ядноўваюць наша сучаснае грамадства. У Беларусі няма ніводнай сям’і, якую б не кранула сваім жахлівым крылом тая вайна. Яскрава, кранальна і эмацыянальна пра ваеннае ліхалецце расказваюць не толькі дакументы і ўспаміны, але і мастацкая літаратура, музыка, кіно. Мэта акцыі “Разам з мастацтвам” — крануць кожнае сэрца, асабліва маладога пакалення, аддаць даніну памяці ўдзельнікам вайны, выкарыстаўшы вялікую сілу мастацтва.                

   У зале сабраліся вучні старэйшых класаў школ горада і навучэнцы каледжа гр. ПО-11, прадстаўнікі ўлады і грамадскіх аб’яднанняў раёна. Прывітала прысутных начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Шыдлоўская, адзначыўшы вялікае значэнне акцыі ў выхаванні падрастаючага пакалення, захаванні гістарычнай праўды пра гады ваеннага ліхалецця.                                                                                                         

   Вядучай мерапрыемства выступіла артыстка Маладзёжнага тэатра эстрады Кацярына Мядзведзева. Са сцэны гучалі творчыя выступленні заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Дзмітрыя Сяргеева, папулярных беларускіх выканаўцаў Алены Грышанавай і Яўгена Ермалковіча. У іх выкананні прагучалі знаёмыя мелодыі – песня “Цёмная ноч”, “Беларусь красивая, Беларусь сильная”, “Далеко-далеко”. Не менш чым творчыя выступленні, кранулі прысутных успаміны артыстаў пра родных, якія перажылі вайну, зведалі канцэнтрацыйныя лагеры і выгнанне на работы ў Германію, ваявалі і вярнуліся пераможцамі.