Тыдзень беларускай мовы і літаратуры
З нагоды Міжнароднага дня роднай мовы і з мэтай папулярызацыі, паглыблення ведаў навучэнцаў пра гістарычную і культурную спадчыну Беларусі, пра багацце роднай мовы, выхаванне павагі да іх, з 17 па 21 лютага 2025 года прайшоў тыдзень беларускай мовы і літаратуры ва УА “Ашмянскі дзяржаўны аграрна-эканамічны каледж”
У першы дзень Тыдня прайшла акцыя: “Гавары са мной па-беларуску”, якая надала цёплы настрой. Навучэнцы і работнікі каледжа прынялі актыўны ўдзел у акцыі і запісвалі свае любімыя словы роднай мовы.
18 лютага навучэнцы прынялі ўдзел у мерапрыемстве “На кожнай сцяжынцы іх песня і голас”, прысвечаным 90-годдзю з дня нараджэння Рыгора Барадуліна. Удзельнікі чыталі вершы, урыўкі з твораў паэта. Мерапрыемства спрыяла выхаванню цікавасці да творчасці паэта, роднай літаратуры, развіццю творчых здольнасцей навучэнцаў. У вачах дзяцей свяцілася цікавасць да культурнай спадчыны роднага краю, пачуццё гонару за сваю Радзіму, за свой народ, якому прысвяціў сваю творчасць паэт.
19 лютага навучэнцы ўдзельнічалі ў вусным часопісе “Чароўныя напевы роднай мовы”. Удзельнікі прыгадалі гісторыю ўзнікнення і развіцця беларускай мовы, а таксама прымянілі свае веды, каб адказаць на пытанні віктарыны “Знатакі роднай мовы”.
20 лютага навучэнцы 1-2 курсаў прынялі ўдзел у конкурсе малюнкаў і плакатаў “Па сцяжынках беларускіх твораў”. Сярод канкурсантаў былі вызначаны пераможцы.
21 лютага вучні, педагогі, прынялі ўдзел у напісанні Гродзенскага абласнога дыктанта, прысвечанага Міжнароднаму дню роднай мовы. Мэтай дыктанта была папулярызацыя беларускай мовы, фарміраванне ў удзельнікаў дыктанта грамадзянскасці, патрыятызму, павагі да гістарычнага мінулага краіны, свядомага стаўлення да мовы як нацыянальнай культурнай каштоўнасці. Тэма дыктанта – 80-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Удзельнікі паказалі добрыя вынікі, праверылі сябе і свае веды.
Праведзеныя на працягу Тыдня мерапрыемствы садзейнічалі папулярызацыі беларускай мовы, павышэнню цікавасці навучэнцаў да творчасці беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, развіццю творчых здольнасцей, выхаванню ў навучэнцаў нацыянальнай свядомасці, патрыятызму і любові да Радзімы, захаванню мовы як культурнай спадчыны беларускага народа.
Наша мова – самая пяшчотная і мілагучная, ласкавая і незабыўная, яскравая і напеўная. І гэта яшчэ не ўсе шчырыя словы, якія выказалі ў адрас беларускай мовы навучэнцы і педагогі нашай установы адукацыі 21 лютага 2025 года.